Гуманітарная дапамога на суму больш за 14 тысяч рублёў дастаўлена ў раённую цэнтральную бальніцу

Медыцынскія камбінезоны, рэспіратары, ахоўныя шчыткі і маскі, бахілы перадалі ад парафіі святога Казіміра ў Маладзечне – цеснае супрацоўніцтва з ёю доўжыцца ўжо не першы год. Усё гэта набыта за грошы братоў Капуцынаў, якія служаць у названай парафіі.

--У гэты светлы для каталіцкага і праваслаўнага свету час асабліва важна дапамагаць адзін аднаму і адкрыць свае сэрцы добрым справам, -- заўважыў Андрэй Жылевіч, настаяцель кляштара Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. – Езус нарадзіўся, каб ратаваць чалавека ад граху і даць надзею на вечнае жыццё. Медыкі ратуюць фізічнае жыццё, дапамагаюць пазбавіцца ад хвароб, прыкладаюць немалыя намаганні, каб палепшыць здароўе пацыентаў. Нашы пакліканні падобныя. І мы рады, што нейкім чынам ад імя каталіцкага касцёла парафіі святога Казіміра і Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў таксама можам працягнуць руку падтрымкі, тым больш у складаны час пандэміі.

Медыкі на чале з галоўным урачом ЦРБ Дар’яй Калядзіч падзякавалі за дапамогу і яшчэ раз падкрэслілі, што здароўе -- гэта каштоўны дар, і яго трэба берагчы.