Медыцына становіцца бліжэй да вяскоўцаў

26.01.2024

Медыцына становіцца бліжэй да вяскоўцаў


У Гарадоцкай урачэбнай амбулаторыі дадатковае аснашчэнне: мабільны электракардыёграф. Цяпер медыкі пры неабходнасці могуць зрабіць электракардыяграму пацыентам не толькі на прыёме, але і на даму.

У амбулаторыі два памочнікі ўрача -- Наталля Скапец і Ангеліна Грыб. Наталля Мікалаеўна ў медыцыне больш за 20 гадоў, працавала ў рэанімацыі, на хуткай дапамозе, узначальвала Хажоўскі ФАП. Ангеліна Аляксандраўна толькі пачынае шлях у прафесію, яе стаж чатыры гады. Яна прыйшла ў гэту амбулаторыю пасля Маладзечанскага медкаледжа. У Гарадоцкай установе аховы здароўя атрымаўся выдатны тандэм, памочнікі ўрачоў абменьваюцца вопытам і ідэямі, каб як мага больш палепшыць жыццё сельскіх жыхароў.

-- За намі замацавана 27 вёсак, агульная колькасць насельніцтва -- амаль 800 чалавек. Усе яны нашы патэнцыяльныя пацыенты, -- заўважае Наталля Мікалаеўна. -- Амбулаторыя і давераная ёй тэрыторыя адна з самых вялікіх на Маладзечаншчыне. А летам колькасць пацыентаў павялічваецца за кошт дачнікаў, якія прыязджаюць сюды з Маладзечна і Мінска.

Памочнік урача таксама расказвае, што сярэдні ўзрост жыхароў 40+, самым дарослым па 95 гадоў (гэта жанчыны).
-- Але і моладзі ў нас хапае, маладых сямей, у чатырох з іх летась нарадзіліся дзеці. Будзем спадзявацца, што гэты год таксама парадуе прыбаўленнем, -- усміхаецца Наталля Скапец.

У амбулаторыі памочнікі ўрача праводзяць прафілактычныя і лячэбна-дыягнастычныя агляды.

-- Даволі ахвотна сельскія жыхары прыходзяць і на дыспансерызацыю, -- падкрэслівае Наталля Мікалаеўна. -- Значыць, хвалююцца за сваё здароўе. Як медыкаў нас яшчэ больш гэта натхняе на работу. Хаця людзі па-рознаму ставяцца да самаадчування. Найчасцей вяскоўцы хварэюць на гіпертанію, часам выяўляем запушчаныя формы. Звяртаюцца і з траўмамі. Што тычыцца дзяцей, людзей больш маладога ўзросту, то яны, як правіла, прыходзяць з сімптомамі прастудных, вірусных захворванняў.

У маладзечанскія ўстановы аховы здароўя памочнікі ўрачоў накіроўваюць пацыентаў, калі ім паказаны ўльтрагукавое ці эндаскапічнае даследаванне, каланаскапія.

-- Талоны мы для іх рэзервуем самі, -- акцэнтуе Наталля Мікалаеўна. -- Вяскоўцы едуць у вызначаныя дзень і час.
Памочнік урача адзначае, што ўвогуле сельскае насельніцтва ў параўнанні з гараджанамі больш адказна ставіцца да лячэння, не грэбуе парадамі і не павучае медыкаў, як трэба рабіць, спасылаючыся на інтэрнэт.

Асабліва пацыентам падабаецца, што ў амбулаторыі з’явіўся электракардыёграф, а таксама праводзіцца забор вянознай крыві і дзеля гэтых маніпуляцый не трэба ездзіць у горад. Яшчэ больш, апарат для кардыяграмы сэрца мабільны, таму медыкі могуць лёгка прыйсці з ім на дом да пацыентаў. Персанал умела карыстаецца мабільным дадаткам, і ў выпадку неадкладнай кансультацыі вынікі кардыяграмы аператыўна адсылаюцца да загадчыка кардыялагічнага аддзялення бальніцы №1 Маладзечанскай ЦРБ Дар’і Ількевіч. Што тычыцца забору вянознай крыві, то гэту маніпуляцыю таксама ёсць магчымасць выконваць на даму. Увогуле, медыкі амбулаторыі бяруць агульны і біяхімічны аналіз крыві, вызначаюць яе групу, даследуюць на ВІЧ і сіфіліс. Вядуць забор па неабходных паказчыках перад шпіталізацыяй, аперацыямі, хіміятэрапіяй. Усе аналізы вадзіцель адвозіць у лабараторыі Маладзечна.

Дарэчы, Наталля і Ангеліна таксама ездзяць на работу з горада. Іх рабочы дзень доўжыцца з 8.00 да 18.15.

-- Паміж Маладзечнам і Гарадком штодзень ходзіць пяць рэйсаў грамадскага транспарту, -- гаворыць Наталля. -- Нам гэта не вельмі зручна, таму карыстаемся ўласнымі аўтамабілямі.

Так медыкі больш мабільна рэагуюць на тыя ці іншыя службовыя справы. У іх абавязках і прафілактычная работа, і імунізацыя насельніцтва. Але на складанасці яны не скардзяцца. Гавораць, што іх прафесія, закліканая дапамагаць людзям, падабаецца ім з дзяцінства.

Ірына РАБУШКА.
Фота: архіў ГАРАДОЦКАЙ УРАЧЭБНАЙ АМБУЛАТОРЫІ.